top of page

Канстанцыя Буйло

130 год з дня нараджэння

10 фактаў

        Яе першае дзіцячае ўражанне — як бацькоўскі дом затапіла Іслач.

«Вось адзін з першых, яшчэ не вельмі выразных успамінаў. Шырока льецца вада ля парога дома і праз парог. Дрэвы ў вадзе. На ўзгорках каля дрэў туляцца сарны, іх шмат. Алені бегаюць па вадзе, іх толькі два. Бацькі выносяць усе рэчы на другі паверх вялізнага, старога палаца, дзе на гарышчы гучна крычалі совы і пішчалі, нячутна лятаючы, кажаны. Гэта паводка на Іслачы ў Звярынцы, дзе працаваў мой бацька аб’ездчыкам у графа Тышкевіча. Тады я была зусім малая».

(Канстанцыя Буйло. Масква прытуліла, як маці... / Выбраныя творы. — Т. 2. — Мн., 1981. — С. 304)

      У Канстанцыі Буйло была вельмі незвычайная настаўніца... У Вішнева яе вучыла сапраўдная францужанка, жонка ляснічага Франца Станкевіча. На радзіме Эмілія Манэ была ў шлюбе са сваяком мастака Клода Манэ. Аўдавеўшы, адправілася ў чужыя краі працаваць uувернанткай, з малой дачкой Марыяй на руках. У шлюбе з Францам Станкевічам у яе нарадзілася дачка Уладзіслава.

Буйло ўспамінала: «У мястэчку Вішнева жыла маці Уладкі — Эмілія Станкевіч. Маленькі чысценькі домік, каля яго садок і некалькі градак, а ў доме — прыгожая, сталая жанчына з пасівелымі валасамі, заплеценымі ў тоўстыя даўгія косы, укладзеныя ў цяжкі пук, які, здавалася, адцягваў назад яе маленькую, зграбную галоўку. Вялікія, уважлівыя вочы яе памятаю і цяпер. Яна была маёй настаўніцай, кіраўніком і другам. Заняткам са мной яна аддавала шмат часу і энергіі. Яна кіравала маёй самаадукацыяй, выбіраючы мне кнігі для чытання. Яна вяла са мной доўгія і цікавыя размовы, адкрываючы мне вочы на многія сацыяльныя з’явы. Усё гэта мне вельмі дапамагала ў жыцці, і я сёння з глыбокай любоўю b ўдзячнасцю ўспамінаю маю лагодную і строгую, добрую і патрабавальную настаўніцу — Эмілію Станкевіч, маці Уладкі».

(Канстанцыя Буйло. Масква прытуліла, як маці... / Выбраныя творы. — Т. 2. — Мн., 1981. — С. 317)

     Фундатарка яе першай кнігі Магдалена Радзівіл хацела, каб Буйло стала манашкай

«Памятаю, выклікала мяне паштоўкай княгіня Радзівіл з просьбай наведаць яе ў Мінску. Я вельмі здзівілася такому запрашэнню, але ўсё ж з цікавасцю паехала ў Мінск. Дзе, на якой вуліцы быў тады дом княгіні, цяпер не памятаю. Увайшла я ў пад’езд. Барадаты швейцар у ліўрэі, прачытаўшы паштоўку, паказаў рукой наверх. Я з цікавасцю аглядала шырокую лесвіцу, засланую дыванамі. Нейкая жанчына правяла мяне ў пакой княгіні.

Спаткала мяне сухая старая. У вочы мне кінуліся шаўковыя падушкі паўз сцяну, на якіх ляжалі калматыя рыжыя і чорныя сабачкі. Іх было шмат. Княгіня адвяла маю ўвагу ад іх, запрасіўшы сесці. Сама яна прысела на высокім мяккім крэсле. «Вы — Канстанцыя Буйло?» — ветліва спыталася яна. Я гэта пацвердзіла і падала ёй паштоўку. «Я хачу вам запрапанаваць паступіць у варшаўскі манастыр шарытак. Там вы прабудзеце нейкі час. Калі вырашыце стаць шарыткай, я ўнясу за вас багаты пасаг. Нам трэба мець уплыў на беларускую палітыку. Там вас навучаць усяму, што трэба. Вы можаце там пісаць па-беларуску і дайсці да высокіх годнасцей. Нам гэта вельмі карысна. Я думаю аб беларусах».

Я не спыталася, якую карысць атрымае Беларусь ад таго, што я стану манашкай, і адразу сказала, што не маю ніякага прызвання да манашскага сану. «Шкада»,— суха сказала княгіня і развіталася са мной.».

(Канстанцыя Буйло. Масква прытуліла, як маці... / Выбраныя творы. — Т. 2. — Мн., 1981. — С. 308—309)

      Першы верш «Хвоя» (1909 г.) у «Нашу Ніву» даслаў брат Эдзік, падпісаўшы “Э. Буйло. Анравонж, Ашм. павет”, што ў далейшым нарабіла блытаніны ў літаратуразнаўстве

«Брат параіў паслаць верш у “Нашу ніву”. Але я сказала, што пасылаць баюся. Эдзік падахвоціўся зрабіць гэта сам. І якое ж было наша здзіўленне, калі рэдакцыя прыслала “Нашу ніву” з надрукаваным вершам»

(Канстанцыя Буйло. Масква прытуліла, як маці... / Выбраныя творы. — Т. 2. — Мн., 1981. — С. 306)

Першая сустрэча з Я. Купалам адбылася ў Вільні ў 1910 годзе. Гэты момант Канстанцыя Буйло пранесла ў сваёй памяці праз усё жыццё, а ўражанні ад знаёмства перадала ў артыкуле-ўспаміне “Вялікая дружба” так: “У гэты час нехта ззаду, узяўшы мяне за плечы, павярнуў да сябе. Я падняла вочы на даволі высокага, сталага хлапца з хударлявым тварам і праніклівымі, глыбокімі сінімі вачыма. Ён уважліва глядзеў на мяне, быццам вывучаючы: “Ты, мусіць, Буйлянка, – сказаў ён. – Ну, а я – Купала, дык давай знаёміцца”. I ён пацалаваў мяне. Гэта было так не падобна на ўсё тое, да чаго я прывыкла, але разам з тым усё было зроблена з такой сардэчнасцю, што я нават не здзівілася.

Янка быў нейкі стрыманы і маўклівы. Я прыкмеціла, што ўсе ў рэдакцыі адносяцца да яго з выключнай цеплынёй і пашанай. Гэта яшчэ больш напоўніла мяне павагай да любімага паэта. Вечарам высветлілася, што ўсе мае знаёмыя выехалі на дачу, і мне няма дзе начаваць. Купала прапанаваў мне пераначаваць у рэдакцыі. Гэта было не зусім зручна, але выбару ў мяне не было, і я вымушана была згадзіцца.

На другім паверсе, у кабінеце рэдактара, была шырокая, мяккая канапа, вялікі дубовы стол з мармуровым пісьмовым прыборам, засланы зялёным сукном. На стале стаяла вялікая, прыгожая лямпа. Купала прынёс бутэльку лёгкага салодкага віна і яблыкаў. Мы селі на канапе, і я папрасіла яго прачытаць вершы, якія перад тым бачыла ў яго папцы. «Не,— сказаў Купала,— я прачытаю табе маю п’есу «Паўлінка». Я з радасцю згадзілася. Мне вельмі хацелася пачуць твор Купалы ў яго выкананні. Ён прынёс вялікі рукапісны сшытак, прысунуў бліжэй лямпу і пачаў чытаць.

Мне здавалася, што гэта казка. Купала, якога я ведала даўно па яго творах, пад уплывам якога пачала сама пісаць вершы, сядзеў побач і чытаў мне п’есу, якую яшчэ нават не надрукавалі.”

(Канстанцыя Буйло. Вялікая дружба / Выбраныя творы. — Т. 2. — Мн., 1981. — С. 310—311)

      Па рэакціі жонкі Ластоўскага на верш «Адна...» Буйло здагадалася, што тая нешчасьлівая з мужам. «...я хорошо знала Ластовского Вацлава, его жену Марию, всегда поившую меня вкусным кофе с булочками. Однажды я зашла в “Н. Н.”, и она вышла ко мне з заплаканными глазами и с новой газетой „Н. Нивой“, где был напечатан мой стих „Адна, ізноў адна...“. Она плакала над ним. Мне показалось, она не совсем счастлива со своим Вацлавом, если такое ее волнует до слез».

(З ліста да Сафіі Лыньковай, жонкі Міхася Лынькова. 21.11.1982 / Канстанцыя Буйло. ...Коціцца рэха. — Мн., 1993. —  С. 277)

      Падчас працы ў полацкай кнігарні (1914 г.) падкупляла паліцэйскага цыгарэтамі.

— Перш заўсё вы павінны добра ведаць, кажа Канстанцыя Антонаўна,  што нам, тагачасным пісьменнікам, даводзілася займацца не толькі мастацкай творчасцю. Мы рабілі ўсё, што вымагалі ад нас час, эпоха. Стваралі харавыя, драматычныя калектывы, бібліятэкі, кнігарні. Вось з гэтай нагоды я і патрапіла ў Полацк. Кнігарня ў Полацку была даволі ладная і бадай ці не першая такая на Беларусі. Арганізаваў яе Ластоўскі.

Заходзіў у нашу кнігарню зрэдку і паліцэйскі. Рыжы такі, з пакручастымі вусамі. Заходзіў нібы сабе так, а на самай справе, я здагадвалася, цікавіўся, што тут робіцца. У мяне на ўсякі выпадак знаходзіўся для яго пачак цыгарэт. Ен браў яго, казаў мякка: «Дзякуй, дачушка» — і супакоена выходзіў.

(Уладзя Содаль-Садэльскі. Першая Беларуская кнігарня ў Полацку // Маладосць, — 2012. — № 5. — С. 107—108).

     Калі арыштавалі яе першага мужа, адзіныя, хто падтрымаў — Янка Купала і Уладзіслава Луцэвіч.

«Купала мягкий, добрый, чуткий, как и Владка, только молчаливый, но одним замечанием умеющий передать дружеское участие, сердечную теплоту, проникновенное сочувствие в моем горе, когда, приходя ко мне на работу, при всех целовал мои руки, обнимая, целовал голову, глаза и растроганно говорил: «Трымайся, Костка, дарагая, ты маеш сілу духу, трымайся, родная». Я не могла удержать слез. Это было тогда, когда друзья шарахались от меня, как от зачумленной, только Купала и Владка были со мной еще сердечнее, еще ласковее, чем раньше. Они приходили ко мне и на работу, и домой, когда приезжали в Москву, а когда жили в Москве, почти ежедневно Владка звонила мне на работу и всегда говорила: «То, можа, зайдзеш сягоньня, я зварыла смачны абед. Прыходзь, Костка, родная»

(Зь ліста да Марыі Хайноўскай, 19.9.1975 / Канстанцыя Буйло. ...Коціцца рэха. — Мн., 1993. — С. 250)

      Пасля Канстанцыі Буйло засталася не вельмі багатая паэтычная спадчына. Многае з таго, што не было выдадзена і мела б цікавасць для чытача, не дайшло да нас. Амаль увесь свой архіў, у тым ліку найкаштоўнейшую яго частку – дакастрычніцкую, пісьменніца знішчыла. Звязана гэта было з рэпрэсіямі 30-х гадоў, калі арыштавалі і расстралялі яе мужа Віталя Калечыца, калі пагроза арышту вісела над самою Канстанцыяй Антонаўнай.
“Пусть уж исследователи после моей смерти уточняют всякие неточности и выясняют всё, что неясно. Я сама этого делать не хочу и не могу. А никто не вспомнит, как я путала мои данные нарочно, оскорбленная недоверием и подозрениями времен культа личности. Ведь я почти всю жизнь прожила под неусыпным оком этой подозпительности. Преследует она меня и сейчас. “Почему вы не писали почти 30 лет?”. Что я могу им сказать. Они не понимают какие сложные времена выпали на меня и как влияли. Всё это больное, тяжёлое, ранящее — и я ничего об этом писать не могу и не буду”

(З ліста да сястры Іны. 4.9.1976 / Канстанцыя Буйло. ...Коціцца рэха. — Мн., 1993. —  С. 257)

Кветка

Малюнак Язэпа Драздовіча, якім ён аздобіў вокладку «Курганнай кветкі». У ім выяўлена загадкавая містычная дзяўчына, поўная нявыказанага хараства, але яе сапраўднае аблічча трэба разгледзець, тайну неабходна разгадаць, бо яе вобраз хавае вуаль.

Мастак намаляваў не абстрактна-мадэрновы вобраз, а кіраваўся радкамі паэткі: «Я каханьне маё пахаваю ў душы, / спакой сфінкса на твар палажу».

Канстанцыя Буйло здзіўляла чытачоў адкрытай пачуццёвасцю. Яе дэбютны зборнік «Курганная кветка» (1914) літаральна напоўнены прыхаваным і яўным эратызмам. Тут вельмі мала пра цяжкую сялянскую долю, пакрыўджанага панам мужыка, амаль няма тагачасных «нашаніўскіх» штампаў. Любоўныя перажыванні непаўнагадовай дзяўчыны, якой «у пасьцелі душна, ня сьпіцца», бо «ў краіне мар паднебнай далі» «шукала цябе мілы мой ужо даўно» — вось асноўны змест кнігі. І самы яркі верш тут акурат не класічна-песенны «Люблю...», а «Помніш вечар?... »

Помніш вечар? З табою мы ў чоўне былі

І па возеры сонным плылі,

Месяц круглы з блакіту на нас паглядаў,

Залацістыя косы ён путаў і рваў

У вірах, што за чоўнам ішлі...

 

На душы нам так светла, так лёгка было,

Мы шчаслівыя былі... Ты кінуў вясло,

І падняўся з руля, і сеў побач мяне,

І на соннай, ціхой, вадзяной раўніне

Лёгкім ветрам нас ціха нясло...

І здавалася мне, ты ўладар над вадой.

Не баялася я - толькі б ты быў са мной.

Ты прыгнуўся, спакойна руку маю ўзяў

І, заглянуўшы ў вочы мне, з моцай сказаў:

«Будзь спакойна, я тут, я з табой...»

Можна зрабіць выснову, што ніхто да Канстанцыі Буйло сярод жанчын-паэтак ў беларускай паэзіі пачатку ХХ-га стагоддзя не закранаў так адкрыта і яўна пачуццёвага боку, ніхто не складаў вершаў, дзе галоўнымі былі «не прыгнёт панскі», а ўласныя любоўныя перажыванні.

Васіль Дранько-Майсюк

     Кніга з’явілася на свет у друкарні Марціна Кухты. Купала, высылаючы аўтарцы асобнікі, пісаў: «Пасылаю табе кніжкі, зрабіў — як умеў. Дрэнная папера, але лепшай не маглі дастаць». Першы водгук на зборнiк таленавiтай паэткi напiсаў Максiм Багдановiч, якi яшчэ ў 1911 годзе ў аглядзе беларускай паэзii адзначаў: «Адна толькi Канстанцыя Буйла абяцае развiцца ў праўдзiвы асабiсты талент».

     Як сведчыў Рыгор Шырма, вершы зборніка ў Заходняй Беларусі зрабіліся песнямі, а верш «Люблю наш край», які паклаў на музыку Мікола Равенскі, лічыўся гімнам.

Видео
Прысвечанні

Янка Купала

Мая думка

Як вецер, як птушка, дзе сонца, дзе зоры,

Так рвецца, нясецца ўдаль думка мая;

Абыймецца з небам, пакоціцца ў мора,

У вялікае мора людскога жыцця.

 

І ўдарыцца ў сэрца так смутна, балесне,—

Як лісцем віхура, так ім скалыхне,

Так ім закалоціць, аж выклікне песню...

Ўжо з песняй ляціць зноў да зор к вышыне.

 

Запеўшы пахвалай нязведанай далі,

К вядомай павернецца долі людской;

Адсвеціцца ў слёзах, як свечка ў крышталі,

Ды ў свет зноў за сонцам, за новай зарой!

 

На небе свабода, святло і прыволле,—

А думцы замала: няма там людзей;

Людзей на зямельцы спаткае даволі,

Дык сонца і воля не свецяць тут ей...

 

І так безупынку, то к небу — дзе зоры,

Нясецца, як птушка, ўдаль думка мая;

То скоціцца ў мора, ў вялікае мора

Людскога, забытага шчасцем жыцця. 

1910

Віктар Шніп

Жыццё на чужыне, нібы – у палоне,
Дзе ты прывыкаеш да сонца, якое
Халодна-далёкае, як нежывое,
У воблаках, нібы ў снягах, светла тоне,
Світае, нібы ва ўспамінах Айчына,
Якую ты любіш, якой ты жывеш.

І сніцца табе каля хаты рабіна
З лістотай счарнелай, як спалены верш,
Якога душа адляцела ў нябёсы
Іскрынкай тваёй адзінокай душы.

І пройдуць дажджы, і мінуцца марозы
І будуць чарнець на магілах крыжы
Паэтаў, якіх растралялі за тое,
Што сонца над намі ўсё ж не залатое,
А проста чырвонае, быццам бы кроў…

Пакуль ты жывеш, ты не прыдзеш дамоў
У ціхае Вішнева, дзе ўсё святое
І любае, блізкае і дарагое,
А будзеш здалёку глядзець на Айчыну
І сумныя вершы Айчыне пісаць
І плакаць ты будзеш, як плачуць жанчыны,
Калі ўжо не могуць нічога сказаць…

2007

Ніна Тарас

Дарагой маёй Канстанцыі Буйло

...«Палявая кветка» —

«Колас адзінокі»...

Друг ты мой харошы,

Друг ты мой далёкі!

Не завяла кветка —

Колас не зламаўся —

У народзе песняй

Вечнаю астаўся».

1976

Адам Русак

Лётае песня па свеце К. Буйло
Здаўна вядома ўсяму свету:
“Люблю наш край, старонку гэту...”.
У дзявочым сэрцы песня тая
Душою шчырай сагравае.
Яна ад роднае крыніцы,
Яна з вячэрняе зарніцы,
Яна са спеваў салаўіных,
3 вясковых клёкатаў бусліных.
Яна прыносіць людзям дружнасць,
Бо з ёю радасць, з ёю – мужнасць.
Таму й жыве яна на свеце
У незлічоным даўгалецці.

1974

Канстанцыя Буйло

Звон

Янку Купалу 

Ён плыў над палямі з жытнёваю хваляй,

Праносіўся ў далі, ляцеў,

То рэхам над лесам, як гром, рассыпаўся,

То зноў заміраў, а то зноў калыхаўся

І мякка і плаўна гудзеў.

 

Гудзеў над лугамі, ляцеў над палямі,

Над нівай, над сёламі плыў,

А гукі яго дзіўнай нотай дрыжалі

То як бы ў задуме, то як бы у жалю,

І чуўся ў ім гулкі прызыў...

 

Ён зваў да жыцця і да лепшае долі

Усіх, хто сном каменным спаў;

І сну ледзянога апалі аковы,

І ўстаў народ цэлы, і ўстаў як бы новы,

Да бою за волю устаў.

1911

Канстанцыя Буйло

Жывы Купала

Купала спіць. Заснуў навекі.
А думкі Янкавы не спяць...
Яны лунаюць над палеткам,
У цэхах ля станкоў гучаць.
3 акна калгаснай, светлай хаты,
I гарадскіх дамоў – яны
Натхнёным гукам і крылатым,
Як срэбныя звіняць званы.
Яны, як заклік да змагання,
За будучыні светлы дзень,
А з імі – у бляск таго світання,
Жывы Купала наш ідзе.
Ідзе і сэрцам неўміручым
Пракладвае праменны след,
Ён Беларусь усю агучыў
I акрыліў, бо ён паэт.
I вось яна – як птах крылаты
Імкнецца ў свой шчаслівы дзень...
I ў гуках сонечных, узнятых,
Жывы Купала наш ідзе.

1971

Канстанцыя Буйло

Якубу Коласу

Шмат слоў гарачых я ў душы знайду,
Каб прывітаць цябе, любімы Колас...
Радзіма несла гора і бяду,
Калі над ёю прагучаў твой голас.
Ён гнеўны быў, магутны быў, як сталь,
У ім звінелі грозныя матывы.
Ён калыхаў разбуджаную даль,
Змагацца клікаў люд за лёс шчаслівы.
Народжаны у дні ліхіх вятроў,
Ён гартам волі наліваў нам грудзі
Будзіў на бой зямлі працаўнікоў,
Ён зычыў волю ўсім гаротным людзям.
Цяпер з нас кожны – волі уладар.
Сям’ёй прыйшлі мы прывітаць паэта,
Якога песні – дзіўны сэрца дар –
Лунаюць вольна над шырокім светам.
Вітаем словам радасным таго,
Чыё імя Радзіма ўшанавала, –
Сяўца, што сеяў праўду з году ў год,
Каб век яна квітнела – расцвітала.
Жыві-ж, красуйся многа зім і лет,
Працуй на шчасце роднае дзяржавы,
Наш добры друг, абраннік і паэт,
Увенчаны усенароднай славай.

1954

ссылкі

​Дакументальныя фильмы

Імя і лёс. Канстанцыя Буйло. Телерадиокомпания Гродно: https://www.youtube.com/watch?v=E8fLlsrCNyw

 

Следопыт – Буйло Молодечненское телевидение:

https://www.youtube.com/watch?v=bDdv1tExzFM

bottom of page